«МАЛАДА́Я ПО́ЛЬШЧА»
(«Młoda Polska»),
назва перыяду ў развіцці польскай л-ры і мастацтва 1890—1918. У дачыненні да л-ры ўжываюць таксама тэрміны «мадэрнізм», «неарамантызм», якія абагульняюць разнастайныя плыні і тэндэнцыі, характэрныя для гэтай эпохі (натуралізм, сімвалізм, імпрэсіянізм, экспрэсіянізм, неакласіцызм і інш.). Эстэтыка і паэтыка «М.П.» супрацьстаялі папярэдняму перыяду — пазітывізму і фарміраваліся пад уплывам філас. ідэй А.Шапенгаўэра, Ф.Ніцшэ, А.Бергсона, а таксама зах.-еўрап. нерэалістычнай л-ры канца 19 ст. і традыцыі нац. рамантызму (пераважна Ю.Славацкага). 1-ы этап развіцця «М.П.» (1890—1907) вызначаецца з’яўленнем маніфестаў, у якіх сцвярджаюцца прынцыпы дэкадэнцкага мастацтва (артыкулы 3. Пшасмыцкага, С.Пшыбышэўскага). Гэтыя праграмы падвяргаліся крытыцы, якая ўзмацнілася ў час 2-га этапа (1907—18). Адметнай рысай літ. свядомасці пасля 1907 стаў культ жыцця (С.Выспянскі, Л.Стаф) у процівагу дэкадэнцкаму настрою адзіноты і бязвыхаднасці. Паэзія «М.П.» прадстаўлена творамі Я.Каспровіча, К.Тэтмаера, Т.Міцінскага, Стафа, Б.Лесьмяна і інш., проза — Пшыбышэўскага, Міцінскага, С.Жаромскага, В.Рэйманта, В.Оркана і інш., драматургія Выспянскага, Г.Запольскай, В.Пежынскага, Т.Рытнера, К.Раствароўскага, Я.Леманскага, А.Навачынскага, Т.Бой-Жаленскага і інш. Развіццё пластычных мастацтваў у рэчышчы «М.П.» вызначалася суіснаваннем розных стылявых плыняў: імпрэсіянізму (жывапісцы Ю.Панкевіч, Л.Вычулкоўскі, Я.Станіслаўскі), сімвалізму (жывапісцы Ф.Рушчыц, Я.Мальчэўскі), мадэрну (жывапісцы і графікі Выспянскі, Ю.Мехофер, В.Вайткевіч, К.Фрыч). Архітэктура выкарыстоўвала матывы драўлянага дойлідства (С.Віткевіч), стыль мадэрн набываў у ёй нац.-рамант. афарбоўку (Т.Стрыенскі, Ф.Манчынскі). Пад уплывам імпрэсіянізму і мадэрну адбываўся ўздым скульптуры (К.Ляшка, В.Шыманоўскі, К.Дунікоўскі). Атрымала развіццё дэкар.-прыкладное мастацтва.
Літ.:
Młoda Polska: Antologia. 6 wyd. Warszawa, 1963;
Literatura okresu Młodej Polski. T. 1—3. Warszawa, 1967—73;
Wyka K. Młoda Polska. T. 1—2. Kraków, 1977;
Makowięcki A.Z. Młoda Polska. Warszawa, 1981.
С.Дз.Малюковіч.
т. 9, с. 551